НА СКРЫЖАВАННI
Сады залатое лiсцё атрасалi,
Клубiўся халодны туман ля ракi,
Дзе тонкiя лозы аб леце шапталi,
Гледзячы ў шэрае люстра вады.
Балоты жаўцелi ў хмурнасцi дзённай,
I пахла зямля каранямi, травой.
На скрыжаваннi ў пыле дарожным
Клiкала Восень услед за сабой.
Зямлю засцiлаючы новым абрусам,
Змятала, бы смецце, старое жыццё.
Збiрала турботы людзей i пакуты,
I гнала наперад, нiбыта лiсцё...