Моряков Леонид Владимирович : другие произведения.

Р

"Самиздат": [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь|Техвопросы]
Ссылки:


 Ваша оценка:

  РАВУН Іосіф Ізраілевіч [1897, Нясвіж Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Мінская вобл. - пасля 1955, Мінск ?], эканаміст. Удзельнічаў у грамаѓдзянскай вайне ў Расіі. У 1923 скончыў Камуністычны ун-т народаў Захаду. У 1930-33 вучыўся ў аспірантуры БелАН. У 1934-36 старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі. Арыштаваны 31.7.1936. 14.12.1936 прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі. Вызвалены 15.3.1946. Рэабілітаваны 16.9.1955. Пасля 1955 жыў у Мінску.
  Кр.: НАРБ, ІКР.
  Літ.: Возвращенные имена.
  
  РАГАЗІНСКІ Пётр [1.2.1898 - 30.12.1937, Мінск, НКВД], рэдактар мінскай польскай газ. 'Orka'. Арыштаваны 29.7.1937. Прыгавораны да расстрэлу 17.12.1937. Расстраляны ва ўнутранай турме НКВД разам з 63 зняволенымі. Рэабілітаваны 24.8.1956.
  Кр.: НАРБ, ІКР.
  Літ.: Маракоў Л. Вынішчэнне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 снеж.
  
  РАГАЧЭЎСКІ Пятро Іванавіч [1907, в. Ашмяны Мінскага пав., цяпер Заслаўскі р-н Мінскай вобл. - ?], перакладчык. Арыштаваны 23.2.1933. Асуджаны (4.11.1933) на 5 гадоў высылкі. Пакаранне адбываў у Зах. Сібіры. Па сведчанні М.Паѓслядовіча, пасля 2-й сусветнай вайны жыў у Баранавічах; быў забіты невядомымі.
  Кр.: НАРБ, ІКР.
  Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000.
  
  РАГІНСКІ Раман [Rogiński Roman; 29.2.1840 - 15.2.1915], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-64, мемуарыст. У 1861 скончыў Варшаўскую рэальную гімназію. Удзельнічаў у маніфестацыях у Варшаве. З-за пагрозы арышту эміграваў у Францыю. Вучыўся ў вайсковай школе ў Генуі. Вярнуўся ў Варшаву ў 1862. З пачаткам паўстання прызначаны камісарам Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Падляшскім ваяв. 23.1.1863 зрабіў няўдалую спробу авалодаць Белай (цяпер Бяла-Падляска). 7.2.1863 удзельнічаў у бітве пад Сямяцічамі. Потым накіраваўся ў глыб Беларусі. 13.2.1863 заняў мяст. Пружаны. Яго атрад быў разбіты 25-26.2.1863 каля в. Баркі. 3.3.1863 узяты ў палон у Тураве. 23.8.1863 прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага 20 гадамі катаргі, якую адбываў ва Усолі ў Пермскай губ. У 1868 пераведзены на пасяленне, жыў у Верхняўдзінску (цяпер у Забайкальскай вобл.), Віціме, Іркуцку. У 1892 вярнуўся на Радзіму. Аўтар успамінаў пра паўстанне.
  Тв.: Kartki z pamiętnika [1861-1863] // Powstanie styczniowe na Lubelszczyźnie. Pamiętniki. Londyn, 1966.
  Літ.: Płoski S. Działania Rogińskiego w powstaniu styczniowym // Przegląd Historyczno-Wojskowy. 1936; Zeznania i wspomnienia / Wyd. S. Kieniewicz. Warszawa, 1983; PSB, z. 130.
  
  РАГУЛЯ Васіль Цімафеевіч [16(28).7.1879, в. Ачукевічы Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. - 16.6.1955, Нью-Йорк, ЗША], паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст. У 1900 скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Настаўнічаў у Мінскім пав., у Смаргоні і ў Мінску. Арыштаваны ў 1906 за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях. Падчас 1-й сусветнай вайны ваяваў на Зах. фронце. У 1917 уступіў у Расійскую дэмакратычную партыю. Удзельнік 1-га Усебеларускага кангрэса 1917 у Мінску. У 1918 выкладаў у навучальных установах Мінска. У час польскай акупацыі ўваходзіў у Расійскую аб'яднаную радыкальна-дэмакратычную групу. З лета 1920 у Чырвонай Арміі; у крас. 1921 пакінуў яе і вярнуўся ў родную вёску. У 1922 абраны дэпутатам польскага сейма, увайшоў у Беларускі пасольскі клуб. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускага сялянѓскага саюза. У снеж. 1925 быў членам ініцыятыўнай групы па стварэнні Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1928 абраны сенатарам, але хутка пазбаўлены парламенцкага імунітэту і зняволены на 2 гады. Пасля вызвалення вярнуўся ў родную вёску. З вер. 1939 настаўнічаў у мясцовай школе. Арыштаваны 20.6.1941. З пачаткам вайны збег з-пад арышту. Быў прызначаны бургамістрам Дзятлаўскага р-на. З 1944 у Германіі. У 1950 пераехаў у ЗША. Аўтар успамінаў.
  Тв.: Прамовы паслоў Беларускага пасольскага клюбу. Вільня, 1926; Успаміны. Нью Ёрк, 1957.
  Літ.: ЭГБ, т. 6-1.
  
  РАДЗЕВІЧ [Ямант] Людвіка [1833 ці 1836 - 1914, Вільня], мемуарыстка. Сястра Марыі Ямант, нарачонай К.Каліноўскага. На іх кватэры была арганізавана падпольная друкарня. Тут хаваўся К.Каліноўскі. Арыштавана ў 1863. Напісала на польскай мове 'Горсць успамінаў з 1863 года' (рукапіс захоўваецца ў бібліятэцы Асалінэум у Вроцлаве, Польшча).
  Літ.: PSB.
  
  РАДЗЕВІЧ Пётра [1906, Навагрудскі пав. Мінскай губ. - крас. 1944, в. Гліннае, цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл.], бел. грамадскі дзеяч, музыкант, публіцыст. Вучыўся ў гімназіях Наваѓгрудка і Варшавы, на педагагічным аддзяленні Варшаўскай кансерваторыі. Тры гады служыў у польскай арміі. Пераехаў у Вільню, дзе далучыўся да бел. руху. Публікаваўся ў час. 'Хрысціянская думка'. Служыў арганістам і кіраваў хорам у Вяѓлікай Бераставіцы на Гродзеншчыне. У другой палове 1940 ачольваў хор Беларускага цэнтра ў Вільні. Падчас нямецкай акупацыі сябра Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Быў накіраваны для правядзення беларусізацыі ў Вілейку. Спачатку працаваў школьным інспектарам у Свірскім павеце, пасля - у Вілейскім, дзе арганізаваў бел. хор. Пазней займае становішча кіраўніка Вілейскага пав. Арыштаваны СД 23.3.1943, утрымліваўся ў Вілейскай турме. Спалены немцамі разам з некалькімі іншымі вязнямі ў вёсцы Гліннае.
  Літ.: А.М. Пётр Родзевіч (у дзясятую гадавіну арышту і дзясятую гадавіну мучаніцкае сьмерці) // Бацькаўшчына (Мюнхен). 1953, 3 мая.
  
  РАДЗІВІЛ Канстанцін [5.4.1793 - 6.4.1869], адзін з першых бел. фалькларыстаў, мецэнат, паліт. дзеяч. Разбудаваў спадчынны маёнтак Паланэчка ў Навагрудскім пав., ператварыўшы яго ў адзін з культурных цэнтраў Беларусі. Сабраў вялікую бібліятэку, архіў, калекцыю твораў мастацтва. Меў званне камергера імператарскага двара. У 1820 уступіў у тайнае таварыства 'Нацыянальнае масонства', у 1821 увайшоў у склад 'Патрыятычнага таварыства'. Арыштаваны ў канцы 1825 па справе дзекабрыстаў. Збіраў на Навагрудчыне фальклорныя, этнаграфічныя і лінгвістычныя матэрыялы, склаў мясцовы слоўнічак, апісаў адзенне, абрады на Дзяды, куццю, Купалле, вяселле, запісаў прыказкі і абрадавыя песні. У 1850-х г. даслаў у Рускае геаграфічнае таварыства свае працы - 'Статыстычны нарыс Навагрудскага павета' і 'Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета' (зберагаюцца ў архіве таварыства). У снеж. 1863 заступніцтва Р. перад генералам Мураўёвым дазволіла замяніць смяротны прысуд аднаму з лідэраў паўстання З.Чаховічу на ссылку ў Сібір.
  Літ.: Зеленин Д.К. Описание рукописей ученого архива императорского Русского географического общества. Пг., 1915. Вып. 2; Воронков И.А. Польские тайные общества в Литве и Белоруссии в конце XVIII и первом тридцатилетии XIX в. // Исторические записки. 1957. Т. 60; Цішчанка І.К. Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне беларускага фальклору ў 50-60-я гады ХІХ ст. Мн., 1986; ЭГБ, т. 6-1.
  
  РАДЗЮК Пятро, журналіст, рэдактар. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Быў рэдактарам-выдаўцом часопіса гумару і сатыры 'Асва', які выходзіў легальна ў Вільні з 25.3 да 25.8.1934. Час. 'Асва' працягваў традыцыі закрытых польскімі ўладамі час. 'Маланка', 'Беларускай газеты' і 'Літаратурнай старонкі'. Выйшла 6 нумароў. Выданне было забаронена польскімі ўладамі. Р. асуджаны на 6 гадоў турмы. Арыштаваны ваеннай контрразведкай у 1944. Вырваны з рук 'Смерша' М.Танкам. Паводле некаторых звестак, пасля вайны жыў у Польшчы.
  Літ.: Гэй, смалі, страляй, маланка! Мн., 1989.
  
  РАКІТА Сяргей [сапр.: Законнікаў Сяргей Васілевіч; іншы псеўданім: С.Асот; крыптанім: Р.С.; 15.10.1909, в. Ліцвінава Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Дубровенскі р-н Віцебскай вобл. - 23.3.1942, ст. Сухабязводнае Горкаўскай вобл., ГУЛАГ], паэт. У 1925 скончыў сярэднюю школу. Быў камсамольскім актывістам; з 1927 член Аршанскага акруговага камітэта ЛКСМБ. У 1928 ягоныя першыя вершы з'явіліся ў 'Аршанскім маладняку'; тады ж стаў выступаць з нарысамі (газ. 'Савецкая Беларусь'). У 1929 накіраваны на працу ў гомельскую абл. газ. 'Палеская праўда'. З 1930 адказны сакратар Гомельскай філіі БелАПП. Выдаў у Гомелі 2 кніжкі паэзіі. У 1932-33 служыў у арміі. Працаваў у Мінску ў рэдакцыях газет, на радыё, у Дзяржвыдавецтве БССР. Адначасова вучыўся ў Мінскім Камуністычным інстытуце журналістыкі. Арыштаваны 19.10.1936; асуджаны на 10 гадоў зняволення ў лагерах. Адпраўлены на лесапавалы ў Горкаўскай вобл. Загінуў у лагеры. Рэабілітаваны ў 1956.
  Тв.: Разгон. Кніжка вершаў. Гомель, 1930 (разам з Р.Казаком, В.Палескім); Я агітую за пяцігодку: Вершы. Гомель, 1931.
  Літ.: Шушкевіч С. Паэт-агітатар першых пяцігодак // Шушкевіч С. Выбр. тв.: У 2 т. Мн., 1978. Т. 2; Паўлюкоўскі І. Вітаў пяцігодак будні // ЛіМ. 1979, 26 кастр.; БП, т. 5.
  
  РАК-МІХАЙЛОЎСКІ Сымон Аляксанѓдравіч [псеўданімы: Баўтручонак; Беларус; Бутрым Каляда; Сымон Міхалкаў; Сымон Рак; крыптанімы: С.Р.; Р.-М.; Сымон Р.; Сымон Р-к; 2(14).4.1885, в. Максімаўка Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. - 27.11.1938, Мінск, НКВД], грамадска-паліт. дзеяч, публіцыст, перакладчык, паэт, педагог. У 1900-04 вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі; потым настаўнічаў на Маладзечаншчыне. У час рэвалюцыі 1905-07 за распаўсюджанне сацыял-дэмакратычнай літаратуры зняволены на 3 месяцы ў Вілейцы, потым вымушаны з'ехаць у Крым. У 1912 у Феадосіі скончыў педінстытут. Вярнуўся на Радзіму. Арганізоўваў бел. школы. Стаў членам БСГ. У 1914 мабілізаваны ў армію; ваяваў на Румынскім фронце. Пачаў публікавацца ў 1915 (артыкул 'З думак у паходзе' ў 'Нашай ніве'). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Мінску. Узначаліў Цэнтральную вайсковую раду. З 1918 член Рады БНР. У 1918-20 жыў у Гродне, працаваў у бел. гімназіі. Рэгулярнай публіцыстычнай творчасцю стаў займацца з 1919. У 1920-22 дырэктар Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах. Адначасова, з восені 1920, настаўнік Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 абраны дэпутатам польскага сейма. З 1923 член Цэнтральнай школьнай рады (з 1926 - Галоўнай управы) ТБШ. З 1925 нам. старшыні ЦК БСРГ. З 1926 член КПЗБ. Рэдактар 'Бюлетэня пасольскага клуба БСРГ'; член Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. Арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ 15.1.1927; Віленскім акруговым судом 22.5.1928 на 'працэсе 56-і' асуджаны на 12 гадоў турмы. Паводле рашэння апеляцыйнага суда вызвалены ў 1930. Увайшоў у склад камітэта 'Змаганне'. З-за пагрозы новага арышту ў кастр. 1930 перабраўся ў Мінск. З лют. 1931 працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. У 1931-32 быў членам ЦВК БССР. Арыштаваны ДПУ БССР 16.8.1933 па справе 'Беларускага нацыянальнага цэнтра'. 9.1.1934 рашэннем судовай калегіі АДПУ СССР прыгавораны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лагераў. Адпраўлены на Салаўкі. 5.9.1937 этапаваны ў Мінск; 14.11.1938 'асобай тройкай' НКВД БССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16.8.1956. У Маладзечне яго імем названа вуліца.
  Тв.: Гутарка аб беларускай мове. Мн., 1919; Страшны вораг: Кніжка пра гарэлку. Вільня, 1924; Прамовы дэпутатаў Беларускага пасольскага клюбу ў Польскім Сойме. Паводле соймавых стэнаграм. Вільня, 1924; Прамовы дэпутатаў соймавага клюбу Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Вільня, 1926.
  Літ.: Бобер М., Ватковіч Г. У памяць аб С.А.Рак-Міхайлоўскім // ПГКБ. 1984, ? 3; Bergman A. Szymon Rak-Michajіowski // Bergman A. Sprawy biaіoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984; Яновіч С. Моцны чалавек грамады // Ніва (Беласток). 1985, 14 крас.; Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996; ЭГБ, т. 6-1.
  
  РАМАНОЎСКАЯ Ганна Пятроўна [сапр.: Мяркіце Соф'я; 20.9.1903, в. Палевеляніс Вілкамірскага пав. Ковенскай губ., цяпер Купішскі р-н, Літва - 1986, Мінск], публіцыст, гісторык. Сястра літоўскай паэтэсы Аляксандры Мяркіце. У 1920 уступіла ў КП Літвы. У 1925 эмігравала ў СССР. У 1927-28 вучылася ў Камуністычным ун-це народаў Захаду ў Маскве. З 1928 у Мінску. Працавала ў газ. 'Raudonasis artojas'; аддзеле культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б. З 1933 супрацоўнік Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі, Інстытута нацыянальных меншасцей БелАН. Арыштавана 8.1.1938. Па пастанове Асобай нарады ад 5.8.1939 зняволена ў лагеры тэрмінам на 3 гады. З 1945 жыла ў Мінску. Рэабілітавана 20.8.1956.
  Лiт.: Возвращенные имена.
  
  РАМАНЧУК Іосіф Арсеневіч [1899 - ?], музейны работнік. У 1930-31 і 1936-37 быў дырэктарам Музея рэвалюцыі (Мінск). У 1937 выключаны з ВКП(б). У 1937-39 працаваў навуковым суѓпрацоўнікам Мінскага сацыяльна-гістарычнага музея. У 1939 арыштаваны па абвінавачанні ў контрѓрэвалюцыйнай дзейнасці і сувязі з польскай разведкай. Прыгавораны да расстрэлу. У 1940 прысуд адменены пасля касацыйнай скаргі.
  Тв.: Наркомпрос БССР не руководит музеями // Советѓский музей. 1938, ? 8.
  Літ.: Гужалоўскі А. Музеі Беларусі (1918-1941 гг.). Мн., 2002.
  
  РАМЕНСКІ Фёдар Яўграфавіч [царкоўнае імя: Філарэт; 1880 - 1.11.1937, Мінск, НКВД], праваслаўны святар, епіскап Бабруйскі, архірэй Мінскай епархіі, рэлігійны і грамадскі дзеяч. Выконваў абавязкі вікарыя пры мітрапаліце Мелхіседэку. Рэктар Мінскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. У 1922-27 прымаў удзел у беларусізацыі рэлігійнага жыцця праваслаўных беларусаў. Удзельнік з'езда прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства і вернікаў Мінскай епархіі 9-10.7.1927. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Спадкаемец Мелхіседэка. Пасля закрыцця вясной 1937 у Мінску апошняга каталіцкага храма дазволіў вернікам-католікам маліцца ў царкве св. Марыі Магдаліны. 28.7.1937 арыштаваны НКВД. Абвінавачаны ў стварэнні антысавецкай арганізацыі. Прыгавораны да смяротнага пакарання і расстраляны.
  Літ.: Гарбінскі БРД; Синодик за веру и церковь Христову пострадавших в Минской епархии [1918-1951] / Составил священник Федор Кривонос. Киевиц, 1996; Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. Lublin, 1998.
  
  РАФАЛЬСКІ Міхаіл Фадзеевіч [1889, Кіеў - 1937, Мінск, НКВД], рэжысёр яўрэйскага тэатра, педагог. З 1908 вучыўся ў драматычнай школе кіеўскага таварыства 'Салаўцоў'. Працаваў акцёрам у тэатрах Кіева, Харкава, гастраляваў у Мінску і Віцебску. У 1921 з аматараў арганізаваў у Мінску яўрэйскую тэатральную трупу, на базе якой была створана яўрэйская секцыя Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. З 1922 кіраўнік гэтай секцыі. З 1926 кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР. Стварыў і ў 1933-35 узначальваў студыю пры тэатры. Паставіў спектаклі: 'На пакаянным ланцугу' І.Перэца (1926), 'Ботвін' А.Вевюркі (1928), 'Глухі' Д.Бергельсона (1929), 'На 62-м участку' І.Дабрушына (1931), 'Бойтра' М.Кульбака (1937). Народны артыст Беларусі (1934). Член ЦВК БССР (1935-37). Арыштаваны і расстраляны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.
  Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000; ЭЛіМБел, т. 4.
  
  РЖЭЎСКI Бранiслаў [25.3.1905, в. Добрыцкае Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Барысаўскі р-н Мінскай вобл. - 10.2.1980, Гродна], лiтаратуразнавец i педагог. У 1927 скончыў педагагiчны тэхнiкум у Барысаве i да 1930 працаваў настаўнiкам у вёсках Гомельшчыны. З 1930 да 1940 вучыўся ў Магiлёўскiм педiнстытуце, працаваў у розных адукацыйных установах Магiлёва. З сак. 1940 да чэрв. 1941 быў дырэктарам польскай сярэдняй школы iмя Адама Мiцкевiча ў Баранавiчах. Браў актыўны ўдзел у антыгiтлераўскiм супрацiве - на тэрыторыi Баранавiцкай вобл. стварыў падпольную дыверсiйную групу 'Барыса', якой кiраваў. Быў рэдактарам газ. 'Перамога' - органа Новамышѓскага райкама КП(б)Б. За ўдзел у партызанскiм руху ўзнагароджаны. З кастр. 1944 да 1955 працаваў выкладчыкам i загадваў кафедрай мовы i лiтаратуры ў Баранавiцкiм настаўнiцкiм iнстытуце. Уваходзiў у склад Камiсii па збору матэрыялаў аб злачынствах нямецкiх акупантаў на тэрыторыi Баранавiцкай вобл. У 1952 абаранiў дысертацыю пра творчасць Максiма Танка. У 1955 пераехаў у Гродна i да 1957 выкладаў бел. лiтаратуру ў Гродзенскiм педагагiчным iнстытуце. У сярэдзіне 1950-х г. пачаў праводзiць кампанiю публiчных зваротаў да ўладаў - пісаў лiсты ў бел. газеты i ўстановы, звяртаўся да вядомых дзеячаў БССР. У зваротах у рэзкай форме выказваўся пра нацыянальную палiтыку ў Беларусi, пра абмежаваннi ў выкарыстанні бел. мовы ў сферы адукацыi, культуры i публiчнага жыцця. Арганiзаваў напiсанне студэнтамi iнстытута заяў пра становiшча нацыянальнай школы. Арыштаваны 16.2.1957 на лекцыi ў iнстытуце, у яго доме праведзены вобыск. 21.2.1957 праведзены паўторны вобыск, у вынiку якога з асабiстай бiблiятэкi канфiскаваны кнiгi, баявыя ўзнагароды і рукапiсы вершаў, у якiх Р. называў Сталiна забойцам, Неронам i Чынгiсханам, заклiкаў беларусаў да вызвалення. Асуджаны 25.3.1957 Гродзенскiм абл. судом па артыкуле 72 КК БССР да 7 гадоў пазбаўлення волi. Знаходзячыся ў зняволеннi, працягваў кампанiю петыцый. Накiраваў 10.10.1957 члену Прэзідыума ЦК КПСС К.Фурцавай лiст пра становiшча бел. мовы ў БССР. Свой тэрмiн адбываў у Дуброўлагу (Мардовiя). У 1961 Пленум Вярхоўнага суда БССР перагледзеў справу i датэрмiнова (на 3 гады) вызвалiў Р. Пасля вяртання ў Гродна апынуўся ў цяжкай атмасферы iзаляцыi - пiсаў лiтаратуразнаўчыя артыкулы i рэцэнзii, але публiкаваць iх было забаронена; шлях у вышэйшую школу для яго быў закрыты. Удалося ўладкавацца выкладчыкам бел. мовы i лiтаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганiзаваны нагляд КДБ. 29.3.1990 рэабiлiтаваны.
  Літ.: Громава Н. На самавольныя дзеяннi ўказаць // Крынiца. 1989, ? 2; Пяткевiч А. Педагог, вучоны, вязень ГУЛАГа: Да 90-годдзя Б. А. Ржэўскага // Гродзенская праўда. 1995. 28 сак.; Ржэўскi М., Дзярновiч А. Браніслаў Ржэўскі // Дэмакратычная апазыцыя.
  
  РОДЗЕВІЧ Леапольд Іванавіч [псеўданімы: Анатоль; Антон; Антось; Васіль; Грымот; М.Грымот; Мікула Грымот; Лявон Жыцень; Антось Замежны; Саўка Змагар; Ігнат; Васіль Касагар; Абарыген Крайскі; Крыкун; Лявон; Лукаш Нехлямяжы; Антось Сталевіч; Сучасны; Юргілевіч; крыптанімы: Л.; Л. Р.; Л. Родз-іч; Р. Л.; Р. Ю.; Ю.; Ю. Р.; Юрг.; Р. Юрг.; Eler; 12.6.1895, фальварак Кур'янаўшчына Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. - пасля 1938 ?, Саратаў ?, НКВД], празаік, публіцыст, паэт, драматург. Паходзіў з шляхецкага роду, які да пачатку ХХ ст. асяляніўся. Брат Ч.Родзевіча. У 1909 скончыў гарадское вучылішча ў Вілейцы. Пад уплывам 'Нашай нівы' пачаў пісаць па-беларуску. Публікаваўся з 1912. У 1914 пераехаў у Вільню. Перад наступленнем нямецкіх войскаў у 1915 пакінуў горад. З 1919 жыў у Мінску, у 1921 зноў вярнуўся ў Вільню. У 1921 працаваў у рэдакцыі газ. 'Беларускія ведамасці', потым - у 'Беларускім звоне'. У 1922-23 рэдагаваў газ. 'Наша будучыня', з 1922 газ. 'Беларускі звон'. Кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй. Вадэвілі і п'есы Р. карысталіся папулярнасцю, ставіліся ў 1920-30 г. прафесійнымі і самадзейнымі тэатрамі. У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), быў членам яе ЦК, супрацоўнічаў з яе газ. 'Вольны сцяг' (1923). Адзін з ініцыятараў уступлення ў 1923 БРА ў КПЗБ. Арыштоўваўся ў 1923. У 1924 сакратар Гродзенскага падпольнага акружкама КПЗБ. З-за пераследу ўладаў увосень 1925 перабраўся ў Мінск. У 1925-34 рэдактар газ. 'Чырвоны сцяг' і час. 'Бальшавік'. Быў рэдактарам 'Бюлетэня ЦК КПЗБ'. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры БелАН. Арыштаваны ДПУ БССР 18.7.1933. Адпраўлены ў Саратаў, дзе працаваў у лясніцтве. Паўторна арыштаваны ў 1938. Дакладная дата гібелі невядомая. Рэабілітаваны ў 1956. Многія творы Р., асабліва 'Збянтэжаны Саўка', цяпер з поспехам ставяцца тэатральнымі калектывамі Беларусі.
  Тв.: Пакрыўджаныя: Драма. Мн., 1921; Сцэнічныя творы. Вільня, 1921; Беларусь: (Вершы). Вільня, 1922; Досвіткі: (Драматычныя сцэнкі). Вільня, 1922; Сцэнічныя творы. Вільня, 1925; На паняволеных гонях: Вершы. Кракаў, 1928 (падпольнае выданне); Рэвалюцыйным шляхам: Апавяданні з жыцця Заходняй Беларусі. Мн., 1928; Вогнішча барацьбы: Апавяданні з жыцця Заходняй Беларусі. Мн., 1930; Sceničnyja twory. Wilnia, 1933; Збянтэжаны Саўка: Жарт. Мн., 1964.
  Літ.: Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965, ? 9; Калеснік У. З лістоў Леапольда Родзеѓвіча да Уладзіміра Жылкі // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Вып. 2. Мн., 1974; Bergman A. Leopold Rodziewicz // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984; Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997, ? 3; Саламевіч Я. У суровыя гады змагання: Да 90-годдзя з дня нараджэння драматурга Л.І.Родзевіча // Звязда. 1995, 12 чэрв.; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
  
  РОДЗЕВІЧ Чэслаў Іванавіч [20.3.1889, фальварак Кур'янаўшчына Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. - сак. 1942, Саратаў, НКВД], грамадскі і культурны дзеяч, публіцыст. Брат Л.Родзевіча. У 1908 скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхналагічную школу. Выступаў як акцёр у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. Жыў у Петраградзе. Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, Таварыства беларускага народнага штукарства. У 1918 скончыў Новачаркаскі політэхнічны інстытут. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. Пераехаў у Мінск. У канцы 1918--19 акцёр Беларускага савецкага тэатра; у 1919-20 выкладчык Мінскага педінстытута. У час польскай акупацыі загадчык аддзела асветы Мінскага магістрата. У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навуковы сакратар сельскагаспадарчай секцыі. Арыштаваны 18.7.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'. Пастановай Калегіі АДПУ ад 10.4.1931 паводле арт. 58 п. 4, 7, 10, 11 КК РСФСР высланы на 5 гадоў у Саратаў. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны 15.11.1957.
  Літ.: Скалабан В. Паплечнікі // Мастацтва Беларусі. 1983, ? 11; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.
  
  РОЗЕНШЭЙН Давід Іосіфавіч [май 1903, мяст. Поразава Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., цяпер г. п. у Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл. - пасля 1973], журналіст, паліт. дзеяч. Скончыў курсы партактыву КПЗБ. У 1920-21 загадчык аддзела, сакратар Віленскага гаркама КСМ Літвы. У 1921 асуджаны на 4 гады турмы. Член КПЗБ з 1923. З кастр. 1925 сакратар Віленскага гаркама і 2-і сакратар Віленскага акруговага камітэта КПЗБ. Са снеж. 1928 працаваў у цэнтральнай краёвай рэдакцыі КПЗБ. З мая 1929 сакратар Гродзенскага акруговага камітэта КПЗБ. У 1929 арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў турмы. Са снеж. 1934 кіраўнік Цэнтральнай краёвай рэдакцыі КПЗБ, рэдактар газ. 'Чырвоны сцяг' і ўсіх выданняў КПЗБ і КСМЗБ на мовах насельніцтва Зах. Беларусі, кіраўнік замежнай рэдакцыі КПЗБ. У вер. 1936 асуджаны на 10 гадоў турмы. Вызвалены 28.9.1939. З кастр. 1939 працаваў у абл. газ. 'Вольная праца' (Беласток). У час вайны супрацоўнік падпольнай газ. 'Белостокская правда'. У 1944-53 у Савецкай Арміі, супрацоўнік газ. 'Wolna Polska' i 'Wolność'. У 1953-59 на журналісцкай працы ў Мінску.
  Літ.: ЭГБ, т. 6-1.
  
  РОЗНА Алесь [Абрам Ісакавіч; 1913, Мінск - 1942, Горкаўская вобл., Унжлаг], паэт, перакладчык. Пасля сканчэння сярэдняй школы працаваў наборшчыкам у друкарні. Першыя вершы былі апублікаваны ў 1926 у газ. 'Чырвоная змена'. Друкаваўся ў час. 'Полымя', 'Чырвоная Беларусь', газ. 'Савецкая Беларусь', 'Звязда' і інш. Пераѓкладаў на бел. мову творы Г.Гейнэ, А.Міцкевіча, А.Пушкіна. У першай палове 1930-х г. працаваў у рэдакцыі газ. 'Чырвоная змена'. Адначасова вучыўся ў МВПІ, які скончыў у 1935. Арыштаваны 28.10.1936. Сасланы на ст. Сухабязводная ў Горкаўскай вобл. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны ў 1955.
  Тв.: З казахстанскіх матываў // Полымя. 1930, ? 11-12; Зямля... Зямля... // Дзень паэзіі - 75. Мн., 1975.
  Літ.: Грахоўскі С. Жыве ў памяці маёй // Дзень паэзіі-73. Мн., 1973; Яго ж. Жывуць у памяці маёй // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986; БП, т. 6.
  
  РУКЕВІЧ Міхал Іванавіч [12.11.1794, в. Гожна (?), Беласточчына - 30.8(11.9).1841, Іркуцкая губ.], рэвалюцыйны дзеяч, паэт. Пісаў на польскай мове. У 1812-14 ваяваў на баку Напалеона. У 1814 трапіў у палон на тэрыторыі Францыі. Вярнуўся на Радзіму ў 1815. Вучыўся ў Віленскім ун-це (скончыў у 1820). З 1819 член тайнага Саюза сяброў, з сак. 1820 выконваў абавязкі яго прэзідэнта. З 1819 член-карэспандэнт Таварыства філаматаў, з 1820 яго правадзейны член. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1820 Таварыства прамяністых, для якога напісаў 'Малітву прамяністых'. Выконваў у таварыстве абавязкі надворнага маршалка. Удзельнічаў у стварэнні Таварыства філарэтаў. У 1820 разам з З.Навіцкім стварыў у Беластоцкай гімназіі таварыства 'Згодных братоў' (з 1823 'Заране'). Пасля сканчэння ун-та займаўся сельскай гаспадаркай у в. Мількаўшчына Ваўкавыскага пав., з 1823 арандаваў фальварак Завыкі Беластоцкага пав. Па справе філаматаў і філарэтаў арыштаваны ў кастр. 1823, знаходзіўся пад арыштам да студз. 1824 (вызвалены з-за недастатковасці доказаў). У 1825 ініцыятар стварэння арганізацыі 'Ваенныя сябры' і галоўны натхняльнік выступлення ў 1825 Літоўскага піянернага батальёна. Арыштаваны 15.1.1826. Ваенным судом у Беластоку прыгавораны да смяротнага пакарання. Паводле царскай канфірмацыі 15.4.1827 пазбаўлены шляхецтва і высланы на 10 гадоў катаржных работ з далейшым пасяленнем у Сібіры. Знаходзіўся ў зняволенні ў Чыце (1828-30) і на Пятроўскім заводзе ў Забайкаллі (1830-33). Датэрмінова пераведзены на пасяленне ў в. Коркіна Іркуцкай губ., дзе і памёр.
  Тв.: Бел. пер.: Філаматы і філарэты: Зборнік. Мн., 1998.
  Літ.: Букчин С. К мечам рванулись наши руки. 2-е изд. Мн., 1985; Швед В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998; ЭГБ, т. 6-1.
  
  РУСАК Васіль Максімавіч [22.3(4.4).1896, в. Ячава Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Слуцкі р-н Мінскай вобл. - пасля 1946, ГУЛАГ], грамадскі і паліт. дзеяч, фалькларыст, выдавец, прадпрымальнік. У 1-ю сусветную вайну ў чыне прапарѓшчыка ваяваў на Паўдн. фронце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 член БСГ. З 1918 жыў на Случчыне; арыштоўваўся немцамі; у 1919 арыштоўваўся бальшавікамі. У час польскай акупацыі адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэта; актыўны ўдзельнік антыпольскага і антысавецкага рухаў. У ліст. 1920 старшыня з'езда Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. У час Слуцкага збройнага чыну 1920 камісар 2-га Грозаўскага палка. У 1921 інструктар Беларускай вайсковай камісіі, актыўны ўдзельнік антыпольѓскага падпольнага і партызанскага руху ў Зах. Беларусі. У маі 1922 перабраўся ў Каўнас. З 1923 жыў у Чэхаславакіі. Адзін з кіраўнікоў Пражскага аб'яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. У 1928 скончыў Пражскую вышэйшую політэхнічную школу. З 1931 узначальваў Беларускі нацыянальны камітэт у Празе. Удзельнічаў у выданні час. 'Іскры Скарыны'. У 1934 выдаў зборнік уласных запісаў бел. народных песень. У час 2-й сусветнай вайны член Беларускага нацыянальнага камітэта ў Празе. У чэрв. 1945 арыштаваны савецкай ваеннай контрразведкай 'Смерш'. У чэрв. 1946 Ваенным трыбуналам БВА асуджаны на 10 гадоў лагераў. Далейшы лёс невядомы.
  Літ.: Ляхоўскі У. Слуцкі фронт збройнага змагання за незалежную Беларусь: Новыя крыніцы: Ліст Васіля Русака Кастусю Езавітаву // Спадчына. 1995, ? 6; ЭГБ, т. 6-1.
  
  РУСАК Уладзiмір [нар. 17.6.1949, в. Звёздная Баранавiцкага р-на Брэсцкай вобл.], праваслаўны святар, публіцыст. Падрыхтаваў трохтомнае даѓследаванне 'Свидетельство обвинения' пра ўзаемаадносiны Рускай Праваслаўнай Царквы i савецкай улады, дзе раскрывалiся рэпрэсii супраць Царквы. За свой рукапіс пазбаўлены працы ў рэдакцыi час. 'Журнал Московской патриархии', адпраўлены ў Вiцебск. Ужо там за казаннi пра пакутнiкаў за веру ў СССР пазбаўлены права служыць. 10.9.1986 Маскоўскiм гарадскiм судом асуѓджаны на 7 год зняволення. Жыве ў Маскве.
  Лiт.: Дзярновіч А. Iндэкс рэпрэсаваных // Наша Нiва. 1998. 16 сак.; Яго ж. Уладзімір Русак // Дэмакратычная апазыцыя.
  
  РУСАКОВІЧ Сяргей Фёдаравіч [1912, в. Асавец Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Любанскі р-н Мінскай вобл. - 1937 ?, ГУЛАГ], празаік, перакладчык. У 1930 паступіў у МБПТ. Быў членам літаратурнага гуртка навучэнцаў тэхнікума. Увосень 1931 разам з З.Астапенкам, С.Астрэйкам, У.Сядурам і некаторымі іншымі 'забастоўшчыкамі' за ўцёкі 'з прарыву' па збіранні мерзлай бульбы ў калгасе 'Сцяпянка' выключаны з тэхнікума. У 1931 паступіў у БДУ. Неўзабаве пакінуў ун-т, працаваў перакладчыкам Ваеннага выдавецтва. Вясной 1931 у час. 'Узвышша' апублікаваў апавяданне 'Крумкач'. М.Кавыль пісаў, што ў апавяданні 'Крумкач' у 'замаскіраванай форме (аўтар) крытыкаваў маскалёў, якіх у народзе называлі крумкачамі...'. Арыштаваны 23.2.1933. Асуджаны 10.8.1933 на 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем тэрміна пакарання ў папраўча-працоўных лагерах (справа ? 14618 архіўнага аддзела КДБ Беларусі). Этапіраваны ў Новасібірск. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 24.8.1956.
  Літ.: Маракоў Л. Вяртанне з нябыцця // Голас Радзімы. 1999, 24 ліп.
  
  РЫБАЛТОЎСКІ Казімір [1909 - 24.7.1943, гестапа], рыма-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч. З 1931 вучыўся ў Пінскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасля сканчэння вучобы пасвечаны ў святары. Душпастырскую дзейнасць распачаў вікарыем у в. Камень Івянецкага дэканата. У гады 2-й сусветнай вайны ўдзельнічаў у бел. нацыянальна-рэлігійным жыцці. Арыштаваны і расстраляны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі.
  Літ.: Гарбінскі БРД.
  
  РЫЎЛІН Езекііль Ісаакавіч [1.12.1901, Віцебск - 7.5.1978, Алма-Ата], гісторык, публіцыст. У 1923 скончыў Камуністычны ун-т імя Я.Свярдлова ў Маскве, у 1927 Інстытут чырвонай прафесуры. З 1927 дацэнт кафедры гісторыі Захаду БДУ; з 1928 прарэктар БДУ. З 1929 нам. Наркама асветы. Прафесар, акадэмік БелАН (1931). У 1931-33 загадчык сектара навукі і культуры ЦК КП(б)Б, дырэктар Інстытута аспірантуры БелАН, выкладчык Камуністычнага ун-та Беларусі. Даследаваў гісторыю нямецкай сацыял-дэмакратыі. Далучыўся да трацкісцкай апазіцыі. Арыштаваны 6.3.1933. Пастановай Асобай нарады ад 9.7.1933 прыгавораны да 3 гадоў турмы. Гэты прыгавор у 1933 быў заменены высылкай на 3 гады ў Казахстан. У 1933-57 выкладаў у Кзыл-Ардынскім настаўніцкім інстытуце. З 1958 загадчык кафедры методыкі выкладання рускай мовы і літаратуры, у 1963-71 выкладчык Казахскага педінстытута (Алма-Ата). Аўтар падручніка і артыкулаў па методыцы выкладання рускай мовы ў казахскіх школах. Рэабілітаваны 9.5.1956.
  Тв.: История германской социал-демократии. Мн., 1928; Аграрная дискуссия в германской социал-демократии. Мн., 1929.
  Лiт.: Возвращенные имена; БЭ, т. 13.
  
  
 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
Э.Бланк "Пленница чужого мира" О.Копылова "Невеста звездного принца" А.Позин "Меч Тамерлана.Крестьянский сын,дворянская дочь"

Как попасть в этoт список
Сайт - "Художники" .. || .. Доска об'явлений "Книги"